Цветовая схема: C C C C
Размер шрифта: A A A
Изображения:
  • 224016, г. Брест, ул. Куйбышева,32
  • +375 (162) 20-90-50
  • brest.knigodom@gmail.com

Творчая сустрэча з дзіцячым паэтам і пісьменнікам Іванам Міхайлавічам Мельнічуком

24 Сентября 2019 09:09

Количество просмотров: 114

23 верасня 2019 г. у аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага адбылася творчая сустрэча з берасцейскім дзіцячым паэтам і пісьменнікам Іванам Міхайлавічам Мельнічуком, прымеркаваная да яго 80-годдзя.

Зала была поўная гасцей, ды якіх! Цэлае сузор’е берасцейскіх талентаў брала ўдзел у імпрэзе. Сярод прысутных — сябры і калегі па творчасці: Іван Арабейка, Лявон Валасюк, Аляксей Філатаў, Мікола Пракаповіч, Сяргей Амяльчук, Мікола Сянкевіч, члены сям’і і нават маленькі праўнук Глеб. Павіншаваць аўтара з прыгожай датай прыйшлі вучні 4-га «А» класа ДУА «Дзіцячы сад — пачатковая школа № 5 г. Брэста» з настаўніцай В. А. Амельянчук і вучні 3-га «А» класа СШ № 3 г. Брэста з настаўніцай В. В. Федарук.

Шмат шчырых і цёплых слоў прагучала ў адрас юбіляра ад прысутных.

З пажаданнямі ў вершаванай форме выступіў паэт і журналіст Мікола Пракаповіч. Дзеці з цікавасцю паглядзелі відэасюжэт пра Івана Міхайлавіча і шмат даведаліся пра біяграфію і творчы лёс пісьменніка. Сюжэт быў зняты Мікалаем Мікалаевічам яшчэ да 70-годдзя аўтара, і ўсе адзначылі, што за 10 гадоў Іван Міхайлавіч Мельнічук амаль не змяніўся: такі ж бадзёры, сціплы і ветлівы чалавек з агеньчыкамі ў вачах. Аўтар і сам расказаў пра сябе і пра свае кнігі, пра цяжкасці, якія выпалі на яго долю, і з якімі ён з гонарам справіўся.

З успамінамі і віншаваннямі выступілі пісьменнікі Мікола Сянкевіч і Аляксей Філатаў, аднагрупніца аўтара Ганна Карпук, бібліятэкары і настаўнікі, з якімі творча і плённа працаваў і працуе Іван Мельнічук. Праўнук Глеб прачытаў вершы таленавітага прадзеда на памяць.

Супрацоўнікамі Бібліятэкі была падрыхтавана гульнявая праграма па творчасці Івана Міхайлавіча: вясёлыя загадкі, скорагаворкі, лічылкі і вершы прымусілі падумаць, успомніць урокі матэматыкі і, вядома ж, пасмяяцца. Да ўвагі дзяцей была прадстаўлена выстава кніг Івана Міхайлавіча. Некаторыя каштоўныя матэрыялы для выставы прадставілі супрацоўнікі аддзела краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі.

Насычаная добрымі словамі, усмешкамі прысутных, выдатным настроем і, вядома ж, вершаванымі словамі сустрэча прайшла вельмі хутка.

Калектыў і чытачы Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага шчыра віншуюць Івана Міхайлавіча Мельнічука з 80-годдзем! Моцнага здароўя, палёту фантазіі, натхнення, плёну ў працы і доўгіх гадоў жыцця!


Фатаграфіі сустрэчы глядзіце ў альбоме



Вікторыя Міхайлава,
заг. аддзела літаратуры для дзяцей і юнацтва
Кантактны тэлефон: +375 162 20 90 49