8 Августа 2018 10:08
Количество просмотров: 3070
У пятніцу 3 жніўня ў аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва адбылася сутрэча з аўтарам праекта «Скарбонка гульняў» Наталляй Галко (г. Мінск).
«Скарбонка гульняў» — гэта настольныя гульні для дзяцей і дарослых, з дапамогай якіх можна вывучаць родную мову, гуляючы ў дзіцячым садку, школе і нават дома! Аўтарам распрацаваны 34 гульні, 25 з якіх гатовы да друку, 9 ужо выдадзены. Ілюстрацыі для гульняў зрабіла мастачка Надзея Гарбунова. Усе гульні аб'яднаны сімпатычным персанажам — «смоўжыкам», які красуецца на лагатыпе праекта. Ракавінка смоўжыка сімвалізуе скарбы, якія ёсць у кожнага і аб'ядноўваюць нас усіх: сям'я, радзіма, родная мова.
Пад час гульні дзеці вучацца чытаць па-беларуску, знаёмяцца з гісторыяй і геаграфіяй нашай краіны, трэніруюць сваю ўважлівасць, пашыраюць лексічны запас і проста весела праводзяць час у асяроддзі равеснікаў ці сям’і.
Да гульнятэкі Наталлі далучыліся нашы верныя сябры: выхавацелі і выхаванцы ДУА «Яслі-сад № 3 г. Брэста», нашы ЛуЧыКі Вакуліч Кацярына і Марк Кавалёў, «маленькія чараўнікі» Коля і Сярожа Пукіты, Сахарчукі Ульяна і Аляксандр, дзеці з летняга лагера адукацыйнага цэнтра «Нью-Тон». Удзельнікі мерапрыемства пад кіраўніцтвам Наталлі Аляксандраўны разам склалі карту Беларусі і адправіліся ў віртуальнае падарожжа па ёй, узгадалі Якуба Коласа і Дар’ю Домрачаву, пачулі шмат выбітных беларускіх слоў накшталт «дзьмухавец», «сподачак», «каўнер». Больш за гадзіну, нягледзячы на жнівеньскую спякоту, у бібліятэцы было весела і шумна! Эмоцыі перапаўнялі нават дарослых! Аказваецца, вывучаць родную мову можна ўсёй сям’ёй весела і цікава!
Шчыра дзякуем Наталлі Аляксандраўне за цікавыя гульні і той выдатны настрой, з якім пайшоў дадому кожны ўдзельнік нашай вясёлай гульнятэкі!
Міхайлава Вікторыя Аляксандраўна, загадчык аддзела літаратуры для дзяцей і юнацтва
Кантактныя тэлефоны: +375 162 20 90 49, +375 162 20 90 50