26 Апреля 2021 10:04
Количество просмотров: 984
«Сказаў як звязаў» — пад такой назвай у аддзеле літаратуры для дзяцей і юнацтва Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага 21 красавіка 2021 г. адбылася гутарка на тэму беларускіх народных прыказак і прымавак з вучнямі 3-га «Г» класа СШ № 3.
Мудрае, трапнае беларускае слова — гэта душа нашага народа. Дзеці пераканаліся ў гэтым, успамінаючы прыказкі на розныя тэмы. Дарэчы, з твораў вуснай народнай творчасці прыпомніліся яшчэ загадкі, лічылкі і хуткапрамаўлянкі. Гэтыя кароткія моўныя выразы не ўжываюцца намі кожны дзень, аднак карыстанне імі ўзбагачае мову, робіць яе вобразнай і паэтычнай.
Наогул, каштоўнасць кароткага фальклорнага жанру ў тым, што гэтыя творы лёгка чытаюцца, хутка запамінаюцца і прыходзяць на памяць тады, калі трэба коратка сказаць пра нешта важнае. Да такога меркавання прыйшлі вучні, знаёмячыся з выставай кніг беларускіх прыказак, прымавак, загадак і языкаломак, якая была прадстаўлена ў бібліятэцы. Вучням спадабалася гутарка, таму не адзін з іх не пайшоў дадому без цікавай кнігі.
Любіце і даражыце сваёй роднай спадчынай!