18 Февраля 2025 12:02
Количество просмотров: 358
17 лютага 2025 г. Тыдзень роднай мовы ў юнацкім аддзеле Брэсцкай абласной бібліятэкі распачала сустрэча з пісьменнікам-земляком, членам Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатолем Брытуном.
Мерапрыемства сабрала маладых людзей, для якіх пісьменнік распавёў гісторыі і факты са свайго жыцця і творчасці. Анатоля Брытуна сталі называць Белавежскім летапісцам пасля таго, як убачыў свет яго першы раман «Пах мускусу». У творы пісьменнік знаёміць чытача з яцвяжскім паданнем пра Вечнага стражніка, які ахоўвае некранутыя лясы Белавежы. Наступная кніга Анатоля Брытуна — аповесць «Сяліба» — з’явілася ў 2015 годзе. Яна адлюстроўвае жыццё селяніна-беларуса на працягу амаль усяго ХХ стагоддзя. У 2019 годзе, да 1000-годдзя Брэста, выйшла трэцяя кніга Анатоля Брытуна «Трылогія прыгод тысячагоддзя». Выданне ўключыла ў сябе тры творы, прысвечаныя мінулым старонкам гісторыі нашай краіны, Бярэсця і Белавежскай пушчы, супрацьстаянню з вікінгамі, барацьбе з мангола-татарамі і крыжаносцамі.
Пісьменнік падзяліўся сваімі планамі пра напісанне новай кнігі, расказаў пра творчы працэс і важнасць захавання культурнай спадчыны. Яго творы, напоўненыя глыбокімі гістарычнымі ведамі і эмоцыямі, ведаюць юнакі і дарослыя. Кніга «Сяліба» ўвайшла ў Топ-10 самых папулярных кніг юнацкага аддзела ў 2024 годзе.
Удзельнікі мерапрыемства мелі магчымасць задаваць пытанні, дзяліцца сваімі думкамі і ўражаннямі. Пісьменнік адказваў на пытанні з вялікай цікавасцю, заахвочваючы моладзь да чытання і творчасці. Ён падкрэсліў, што кожны з нас можа стаць часткай гісторыі, і важна не баяцца выказваць свае думкі і пачуцці.
Сустрэча прайшла ў цёплай і дружалюбнай атмасферы. Мы ўпэўнены, што гэта мерапрыемства натхніла многіх маладых людзей на творчыя дасягненні і зацікавіла іх у вывучэнні гісторыі роднага краю, сваёй роднай мовы і літаратуры.